Фондавая выстава Музея Вольнай Беларусі «Кропка ўваходу — 123» прапануе ўваход у сучасную беларускую рэальнасць праз маўклівыя, але надзвычай красамоўныя артэфакты.
У аснове праекта — рэчы, вывезеныя некаторымі са 123 палітвязняў 13 снежня 2025 года падчас таемнай дэпартацыі з беларускіх калоній і турмаў у межах дамоўленасцяў рэжыму Лукашэнкі з адміністрацыяй ЗША. Людзей вывозілі без папярэджання, з мяшкамі на галовах і перавязанымі рукамі. Усё, што засталося пры іх, — «турэмны скарб»: алюмініевая лыжка, мыла, ануча, цёплая бялізна, чайныя пакецікі. Гэтыя рэчы стваралі адзіны дазволены гарызонт камфорту.
Куратар выставы, гісторык Аляксей Бацюкоў, адзначае, што ўдзел саміх палітвязняў у фармаванні экспазіцыі і ўвага наведвальнікаў да іх лёсаў спрыяюць пераадоленню траўмы. Паводле яго, «Кропка ўваходу — 123» — доўгатэрміновы праект, які будзе паступова папаўняцца новымі экспанатамі. Першая рэдакцыя выставы прысвечаная менавіта рэчам палітвязняў, дэпартаваных у снежні з Беларусі ва Украіну, якія пасля абралі Польшчу.
У музейныя фонды былі перададзены дзясяткі асабістых прадметаў: ад адзення і посуду да дробных рэчаў побыту. Усе яны маюць вялікае гістарычнае значэнне, бо фіксуюць стан матэрыяльнай культуры звычайнага палітычнага зняволенага ў самых цяжкіх умовах. Гэта «жывыя рэчы», літаральна вырваныя з турэмнай прасторы. Некаторыя з іх нават не павінны былі пакідаць сцены калоній, але з-за хаосу падчас выдалення з Беларусі не ўсё было адабрана.
Асобную каштоўнасць маюць запіскі, якімі былыя зняволеныя суправаджалі свае рэчы. У некалькіх словах — асабістыя гісторыі. Напрыклад, адна металічная лыжка «прайшла» з чалавекам увесь тэрмін зняволення, — распавядае куратар выставы.
Асобную каштоўнасць маюць запіскі, якімі былыя зняволеныя суправаджалі свае рэчы. У некалькіх словах — асабістыя гісторыі. Напрыклад, адна металічная лыжка «прайшла» з чалавекам увесь тэрмін зняволення — ад першага дня да вызвалення — і стала сімвалам выжывання. Іншая гісторыя — фатаграфія на пашпарт, зробленая ў турме: жанчыну фатаграфаваў той самы чалавек, які калісьці здымаў яе яшчэ школьніцай. «Сустрэча двух аддаленых перыядаў жыцця ў турэмнай прасторы набывае амаль сюррэалістычны сэнс», — перакананы Аляксей Бацюкоў.
Асабліва кранальная гісторыя жанчыны, якая перадала набор сурвэтак з беларускім арнаментам і подпісам «сімвал агню». Для яе гэта быў абярэг супраць бесчалавечнасці. За ўвесь час зняволення яна выкарыстала толькі тры сурвэткі, астатнія берагла, як нешта сакральнае.
Сёння гэтыя рэчы спынілі сваю побытавую функцыю і сталі носьбітамі памяці — сведкамі гвалту, зняволення, салідарнасці і ўнутранага супраціву. «Экспазіцыя мае і тэрапеўтычны эфект — як для тых, хто перадаў прадметы, так і для тых, хто іх бачыць. Гэта не толькі пра трагедыю, але і пра годнасць, узаемную падтрымку і сілу чалавечага духу»,— заахвочвае наведаць выставу, якая будзе адкрыта да 1 сакавіка, куратар Аляксей Бацюкоў.
Слухайце аўдыё!
эж